Інфармацыя для іншаземцаў на сайце Люблінскай ваяводскай управы ў г. Любліне


Вітаем Вас на сайце Люблінскай ваяводскай управы ў г. Любліне. Тут Вы знойдзеце інфармацыю наконт заданняў і кіраўніцтва ўправы ды Люблінскага ваяводства. На сайце змешчаны і дадзеныя, якія дазволяць Вам звязацца з супрацоўнікамі ўправы.
 

 

Люблінская ваяводская ўправа ў г. Любліне

|^|

     Люблінская ваяводская ўправа ў г. Любліне ўваходзіць у склад урадавай тэрытарыяльнай адміністрацыі і забяспечвае ажыццяўленне заданняў, што знаходзяцца ў кампетэнцыі люблінскага ваяводы. Галоўная сядзіба ўправы знаходзіцца ў г. Любліне, а яе прадстаўніцтвы - у Бяла-Падляскай, Хэлме і Замасці.
     У сувязі з тым, што ваявода выконвае функцыі кантрольнага органа адзінак тэрытарыяльнага самакіравання, супрацоўнікі Люблінскай ваяводскай управы правяраюць юрыдычную адпаведнасць рашэнняў, якія прымае самакіраванне. Яны публікуюцца ў выданні "Dziennik Urzędowy Województwa Lubelskiego" ("Дзеннік ужэндовы Воевудзтва Любэльскего" - "Заканадаўчы веснік Люблінскага ваяводства"), што выдае ўправа.
     Супрацоўнікі Люблінскай ваяводскай управы ў г. Любліне праводзяць кантроль выканання заканадаўства гміннымі ўправамі, староствамі паветаў і адзінкамі самакіравання, а таксама суб'ектамі, што карыстаюцца грамадскімі сродкамі.
     Калі казаць пра справы, якія могуць вырашыць ва ўправе прыватныя асобы, то найбольш распаўсюджанай з'яўляецца выдача пашпартоў. Акрамя таго, управа займаецца пытаннямі грамадзянства, легалізацыі побыту іншаземцаў ды справамі бяспекі і крызіснага кіравання.
 

Кампетэнцыі люблінскага ваяводы

|^|

     Ваявода з'яўляецца прадстаўніком Рады міністраў у ваяводстве. Ён выконвае функцыі начальніка аб'яднанай урадавай адміністрацыі, а менавіта паліцыі, пажарнай службы альбо Ваяводскага інспектарата ветэрынарыі ў г. Любліне.
     Ваявода выконвае функцыі кантрольнага органа адзінак тэрытарыяльнага самакіравання і правярае юрыдычную адпаведнасць рашэнняў, якія прымае самакіраванне.
     Ваявода з'яўляецца органам вышэйшай ступені ў разуменні нормаў аб адміністрацыйнай вытворчасці на падставе некаторых законаў. Гэта датычыць, у прыватнасці, выдачы адміністрацыйных рашэнняў у галіне будаўнічага права.
     Ваявода прадстаўляе Дзяржаўнае казначэйства ў адносінах да маёмасці, даверанай яму з мэтай выканання яго заданняў.
     Акрамя таго, ваявода мае права ўручаць дзяржаўныя ўзнагароды, прызнаныя прэзідэнтам Рэспублікі Польшча.
     Люблінская ваяводская ўправа ў г. Любліне забяспечвае выкананне ваяводам заданняў, звязаных з гэтай функцыяй.
 
     Люблінская ваяводская ўправа ў г. Любліне ажыццяўляе шэраг спраў, звязаных з легалізацыяй побыту іншаземцаў, якія знаходзяцца на тэрыторыі Рэспублікі Польшча. Гэтымі справамі займаецца Аддзел спраў грамадзянаў і іншаземцаў.
 

Заданні ўправы, звязаныя з іншаземцамі

|^|

Іншаземцы ў Люблінскай ваяводскай управе ў г. Любліне могуць атрымаць

  • дазвол на сталае пражыванне іншаземцаў, якія заяўляюць пра польскую нацыянальнасць,
  • дазвол на пражыванне на акрэслены час,
  • дазвол на сталае пражыванне,
  • дазвол на побыт доўгатэрміновага рэзідэнта Еўрапейскай супольнасці,
  • працяг Шэнгенскай альбо нацыянальнай візы,
  • замена карты побыту,
  • рэгістрацыя побыту грамадзянаў Еўрапейскага саюза,
  • рэгістрацыя побыту члена сям'і грамадзяніна Еўрапейскага саюза, які знаходзіцца з ім на тэрыторыі Рэспублікі Польшча (побыт даўжэйшы за 3 месяцы),
  • атрыманне права сталага побыту на тэрыторыі Рэспублікі Польшча грамадзянінам Еўрапейскага саюза ці членам сям'і, які з'яўляецца грамадзянінам Еўрапейскага саюза,
  • выдача карты побыту для члена сям'і грамадзяніна Еўрапейскага саюза, які сам не з'яўляецца грамадзянінам Еўрапейскага саюза (побыт даўжэйшы за 3 месяцы),
  • атрыманне права сталага побыту на тэрыторыі Рэспублікі Польшча члена сям'і грамадзяніна Еўрапейскага саюза, які сам не з'яўляецца грамадзянінам Еўрапейскага саюза.

     Акрамя гэтага, Аддзел спраў грамадзянаў і іншаземцаў вядзе ўлік запрашэнняў іншаземцаў.
     Люблінская ваяводская ўправа ў г. Любліне займаецца не толькі справамі, звязанымі з легалізацыяй побыту, але і выдачай дазволаў на працу іншаземцаў. За звязаныя з гэтым пытанні адказвае Аддзел сацыяльнай палітыкі.
 

Інфармацыя на тэму Люблінскага ваяводства

|^|

     Люблінскае ваяводства агульнай плошчай 25 122 км2 - трэцяе па памеры ваяводства ў Польшчы. Яно знаходзіцца ў цэнтральна-ўсходняй частцы Польшчы і з'яўляецца адначасова ўсходняй мяжой Еўрапейскага саюза, мяжуе з Украінай і Беларуссю. У рамах адміністрацыйнага падзелу Польшчы ваяводства суседнічае з Мазавецкім, Падляшскім, Падкарпацкім і Сьвентакшыскім ваяводствамі. Яго сталіцай ды сядзібай ваяводскіх уладаў з'яўляецца Люблін.
     Абшар ваяводства падзелены на 4 гродскія і 20 земскіх паветаў ды 213 гмінаў.
     На тэрыторыі Люблінскага ваяводства функцыянуе шэсць аўтамабільных памежных пераходаў, чатыры - чыгуначных і адзін - авіяцыйны, якімі ад імя ваяводы кіруе Люблінская ўправа памежных пераходаў у г. Хэлме.
     Авіяцыйны памежны пераход знаходзіцца

  • у г. Сьвідніку.

     На мяжы з Беларуссю апынуліся наступныя памежныя пераходы:

  • аўтамабільныя - у Кукурыках, Тэрэспалі і Славатычах,
  • чыгуначны - у Тэрэспалі.

     На мяжы з Украінай ёсць наступныя памежныя пераходы:

  • аўтамабільныя - у Дарагуску, Грэбэннэ і Зосіне,
  • чыгуначныя - у Дарагуску, Грубешаве і Грэбэннэ.

     У Люблінскім ваяводстве вельмі спрыяльныя ўмовы для сельскагаспадарчай вытворчасці. Тут высакаякасная глеба, утвораны на лёсах чарназём, светла-жоўтыя, карычневыя і ўраджайныя карбанатныя глебы. Любліншчына - гэта важны вытворца збожжа, перш за ўсё, пшаніцы, аўса і ячменю, а таксама бульбы, цукровых буракоў, гародніны, хмелю, тытуню і пянькі. Рэгіён лідзіруе ў вытворчасці малака, мёду і зёлак. Люблінскае ваяводства - вядучы польскі вытворца мяккай садавіны, перадусім, малінаў. Добра развіта і гадоўля пагалоўя свіней, скаціны і коней (вядомы конскі завод у в. Янаў-Падляскі).
     Галоўныя прамысловыя цэнтры - гэта Люблін, Сьвіднік, Пулавы, Хэлм, Красныстав, Замасць, Білгарай, Бяла-Падляска і Красьнік.

     Сярод найбольш развітых галінаў прамысловасці ў рэгіёне:

  • спажывецкая прамысловасць,
  • хімічная прамысловасць,
  • вытворчасць транспартных сродкаў, машын і прыладаў,
  • горназдабываючая прамысловасць каменнага вугалю.

     Люблінскае ваяводства мае багатую сетку школаў і адукацыйных цэнтраў усіх узроўняў. У Любліне знаходзіцца пяць вышэйшых публічных навучальных устаноў: Універсітэт Марыі Кюры-Складоўскай, Каталіцкі люблінскі універсітэт Іаана Паўла, Люблінскі політэхнічны інстытут, Медыцынскі універсітэт і Прыродазнаўчы універсітэт. У сталіцы рэгіёна функцыянуюць і шматлікія прыватныя навучальныя ўстановы.
     Люблінскае ваяводства - сфера суіснавання і узаемапранікнення розных культур і веравызнанняў, месца важных гістарычных падзей. Яно займае пачэснае месца ў культуры Польшчы і Еўропы.
     На тэрыторыі Любліншчыны знаходзяцца шматлікія помнікі архітэктуры: замкі, палацы, маёнткі і святыні. Асабліва прыцягваюць увагу сваёй каштоўнасцю Капліца Св. Тройцы ў Люблінскім замку і Кляштар айцоў дамініканаў у г. Любліне, рэзідэнцыя Замойскіх у Казлуфцы альбо Стары горад у Замасці, які ўнесены ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Вялікую зацікаўленасць турыстаў, якія прыязджаюць на Любліншчыну, таксама выклікае Казімеж-Дольны на Вісле - месца фальклорных фестываляў, Пулавы - былая сядзіба роду Чартарыскіх, Налэнчув, вядомы сваімі курортнымі ўласцівасцямі, ды рэгіён Разточа, надзвычай багаты прыроднымі каштоўнасцямі.
 

Кантакты

|^|

Люблінская ваяводская ўправа ў г. Любліне
вул. Спакойна, 4
20-914 г. Люблін
тэл. 81-74-24-308
факс 81-74-24-309
электронны адрас: poczta@lublin.uw.gov.pl
Аддзел спраў грамадзянаў і іншаземцаў
Прыёмная
тэл. 81-74-24-426, факс: 81-74-24-432
электронны адрас: wsoc@lublin.uw.gov.pl
пакой: 258
Аддзел па справах іншаземцаў:
тэл. 81-74-24-554
Аддзел сацыяльнай палітыкі (справы па выдачы дазволаў на працу іншаземцам)
тэл. 81-74-24-781
пакой: 45
Справы ва ўправе вырашаюцца на польскай мове, аднак мы прапаноўваем іншаземцам дапамогу і прапаноўваем інфармацыю на замежных мовах:
- англійская мова: тэл. 81-74-24-559,
- руская мова: тэл. 81-74-24-549.